Белорусский перевод Р. Бородулина
Слова пра паход Ігаравы. Мінск, 1985.
- 1. А ці ня лепей, братове,
пачаць у спрадвечным слове
мужны сьпеў пра паход Ігара,
Сьвятаслава сына? - 2. I пачаць сьпеў гэты нашча
па былях дня нашага,
а не па надуме Баяна! - 3. Бо вешчы Баян калі
хацеў каго ўзьнесьці ў сьпеве,
дык расьцякаўся вавёркай па дрэве,
шэрым ваўком па зямлі,
шызым арлом пад аблокамі. - 4. Бо, казаў, памятаць собіла
першых часін усобіцы.
Тады выпускаў высока
на чараду лябёдак дзесяць сокалаў,
якую лябёдку даганялі,
тая першая песьню слала
старому Яраславу,
харобраму Мсьціславу,
што зарэзаў Радзедзю перад палкамі
касожскімі,
Раману слыннаму,
Сьвятаслававу сыну. - 5. Баян-жа, братове, ня дзесяць сокалаў
выпускаў на чараду лябёдак
высока,
а свае ксты вешчыя
клаў на струны жывыя,
вечныя;
яны-ж самі ў далі
славу князям ракаталі. - 6. Пачнем-жа, братове, аповесьць гэтую
ад старога Ўладзімера да нашага Ігара,
што розум свой выверыў цьвёрдасыло
і вывастрыў мужнае сэрца гордасьцю; - 7. і, ратнага духу поўны,
палкі харобрыя павёў
на зямлю Палавецкую
за зямлю Рускую. - 8. О Баяне, салавею старога часу!
Якую-б даў ты паходам экрасу,
скачучы, салавсю, па дрэве думкі
высока,
залятаючы думкаю пад аблокі,
зьвіваючы абое сувоі славы нашага часу,
блукаючы па сьцяжыне Траяна
цераз палі на горы. - 9. Так-бы ва ўнука Велеса
песьня Ігару пелася: - 10. "Ня бура занесла сокалаў
цераз палі шырокія —
чароды галак спуджана ўцякаюць
да Дону вялікага". - 11. Ці так-бы песьню пачаў ты,
вешчы Баяне,
унуча Велесаў; - 12. "Коні ірзуць за Сулою,
зьвініць слава ў Кіеве:
трубяць трубы ў Новагорадзе,
стаяць сьцягі ў Пуціў.ті!"
Ігар чакае любага брата ўсевалада. - 13. I сказаў яму буй тур Усевалад:
- 14. "Адзін брат, адзін сьлед,
адзін сьветлы сьвет —
ты, Ігару!
Абодва мы — Сьвятаслававічы! - 15. Сядлай, браце,
сваіх борздкіх коней старанна, - 16. а мае дык гатовы,
ля Курска раней асядланы. - 17. А куране мае — воіны бывалыя,
пад трубамі спавіваныя,
пад шаломамі ўзьлюляныя,
з канца дзіды ўскормленью, - 18. шляхі ім вядомыя,
яры ім знаёмыя,
лукі ў іх напяты,
калчаны адчынены,
шаблі навостраны чынна; - 19. ваўкамі шэрымі скачуць у полі самі,
шукаючы шаны сабе, а князю славы - 20. Тады Ігар зірнуў
на сьветлае сонца
і ўбачыў усіх сваіх вояў,
акрытых цемрай густою. - 21. I казаў тады Ігар
да дружыны свае: - 22. "Братове й дружыне!
Лепей пацятымі быць,
чым паддацца палону; - 23. а ўсьсядзем, братове,
на сваіх борздкіх коней,
ды пагляд данясем своіі
да сіняга Дону". - 24. Саступіў розум князеў
жаданьню,
і засланіла знак накліканы
ахвота дапасьці да Дону вялікага - 25. .
"Хачу, —кажа, — дзіду пераламаць
на Палавецкім полі шалёным,
з вамі, русічы, хачу сваю галаву злажыць,
альбо напіцца шаломам з Дону". - 26. Тады князь Ігар уступіў у залатое стрэмя
і паехаў па чыстым полі. - 27. I заступіла шлях яму сонца сьляпое;
- 28. ноч разбудзіла птушак стогнамі навальніцы
сьвіст зьвярыны прачнуўся, - 29. дзіў пасьпеў перахапіцца —
на вершаліне загадвае ўслухацца
зямлі незнаёмай, як наракае,
Волзе,
і Памор'ю,
і Пасульлю,
і Суражу,
і Корсуню,
і табе, ідале Тмутараканскі! - 30. I полаўцы дарогамі дзікімі
пабеглі да Дону вялікага:
крычаць калёсы ў поўначы недзе
крыкам распуджаных лебедзяў.
Воінаў Ігар вядзе да Дону. - 31. Пасуць ужо на дубах бяссонна
птушкі бяду ягоную;
Ваўкі ў яра.х страх навываюць,
арлы клёкатам клічуць зьвяроў
касьцямі жывіцца;
на шчыты чырвоныя брэшуць Л'сіцы. - 32. О Руская зямля! Ужо ты за пагоркам!
- 33. Ноч гасьне доўга.
- 34. Сьвятло разьліла зараніца,
імгла палі спавіла. - 35. Заснуў салаўіны шчокат,
абудзіўся голас галак нямлявы. - 36. Русічы палі вялікія шчытамі чырвонымі
перагарадзілі,
шукаючы шаны сабе,
а князю — славы. - 37. У пятніцу зрана
патанталі яны палавецкія палкі паганыя
і, па полю стрэламі рассыпанымі палавеючы,
памкнулі красных дзевак палавецкіх,
а зь імі золата,
і павалакі,
і дарагія аксаміты, - 38. Акрываламі,
і затуламі,
і кажухамі
яны ў ахвоту масьцілі
балоты і топістыя мясьціны,
гацілі палавецкімі ўборамі сьмела. - 39. Чырвоны сьцяг,
харугву белую,
чырвоную грыўку,
срэбную зброю — вою
харобраму Сьвятаслававічу! - 40.
Дрэмле ў полі Алегава гняздо харобрае.
Заляцела далёка! - 41. Не на крыўду было народжана
ні сокалу,
ні крэчату,
ні табе, чорны воран,
паганы полавец! - 42. Гзак бяжыць шэрым ваўком апрыклым,
Канчак яму правіць сьлед да Дону вялікага. - 43.
Другога дня вельмі рана
вестку сьвету дае крывавы сьвітанак: - 44. чорныя хмары з мора сунуцца соўма,
хочуць акрыць чатыры сонцы,
а ў іх б'юцца сінія маланкі. - 45. Быць грому вялікаму, быць ліху,
ісьці дажджу стрэламі з Дону вялікага! - 46. Тут дзідам пераламацца,
тут шаблям павышчарбіцца ў запале
аб шаломы лалавецкія,
на рацэ на Каяле,
ля Дону вялікага! - 47. О Руская зямля! Ужо ты за пагоркам!
- 48. Вятры, Стрыбогавы ўнукі старэнныя,
веюць з мора стрэламі
на харобрыя палкі Ігаравы. - 49. Зямля гудзе,
рэкі мутна цякуць,
пыл палі ахінае, - 50. сьцягі гавораць:
полаўцы ідуць ад Дону,
і ад мора, - 51. і з усіх бакоў рускія палкі абступілі.
- 52. Дзеці д'яблавы перагарадзілі палі галасамі,
а харобрыя русічы перагарадзілі
чырвонымі шчытамі. - 53.
Яг> туру ўсеваладзе!
Стаіш у віры бою,
стрэламі пырскаеш ты на вояў,
грыміш аб шаломы харалужнымі мечамі. - 54. Куды, тур, паскачаш,
сваім залатым шаломам пасьвечваючы,
там ляжаць палавецкія галовы паганыя. - 55. Калёнымі шаблямі шаломы аварскія
пашчапаныя
ад цябе, яр туру Ўсеваладзе! - 56. Якая рана ба.тіць, братове,
таму, хто забыўся на шану й на багацьце,
і ў Чарнігаве на стол залаты бацькаў,
занядбаў сваёй жаданай краснай Глебаўны
мілосьць і ласку? - 57. Былі вякі Траянавы,
мінулі леты Яраслававы,
былі паходы Алегавы,
Алега Сьвятаслававіча. - 58. Бо той Алег мечам каваў крамолу
і стрэлы па зямлі сеяў. - 59. У залатое стрэмя ўступаў у горадзе
Тмутаракані, - 60. звон гэты чуў сын Яраславаў
- 61. вялікі ўсевалад, а Уладзімер
закладваў вушы ў Чарнігаве кожнае раньне. - 62. Барыса-ж Вячаслававіча на суд прывяла слава
і на Каміну травы зялёнае акрывала паслала
для вечнага начлегу
харобраму маладому князю
за крыўду Алега. - 63. Сьвятаполк з той Каялы
бацьку свайго прывёз у спакоі,
люляючы між угорскімі інаходцамі,
да Кіева да Сафіі сьвятое. - 64. Тады пры Алезе Гарыслававічы
засявалася ўсобіцамі й прарастала,
занепадала спадчына Даждзьбогава ўнука,
у княскіх крамолах караціўся век чалавечы. - 65. Тады па Рускай зямлі пераклікаліся рэдка
ратаі,
ды часта вораны граялі,
трупы дзелячы між сабою,
а галкі сваё гаварылі звычна,
хочучы наляцець на здабычу. - 66. Гэта было ў тыя раці і ў тыя паходы,
а такой раці не чуваці!
Зраньняга раньня да вечара
зь вечара да сьвітаньня,
ляцяць стрэлы калёныя,
грымяць шаблі аб шаломы,
трашчаць дзіды харалужныя - 67. у полі незнаёмым
сярод зямлі Палавецкай.
Чорная зямля пад капытамі засеяна
была касьцямі
і паліта крывёю:
яны ўзыйшлі на Рускай зямлі тугою. - 68. Што мне шуміць,
што мне зьвініць — - 69. здалёку чуецца да сьвітаньня?
Ігар палкі заварочвае:
бо любага брата Усевалада шкада яму. - 70. Біліся дзень,
біліся другі:
трэцяга дня апоўдні палі Ігаравы сьцягі. - 71. Тут два браты разлучыліся на беразе
быстрай Каялы; - 72. тут стала крывавага віна мала;
- 73. тут пір дакончылі харобрыя русічы:
сватоў напаілі набеглых, а самі палеглі
за зямлю Рускую. - 74. Нікне трава ад жалю,
а дрэва з тугою да зямлі схілілася. - 75. А ўжо-ж, братове, не вясёлая настала часіна,
ужо сілу пустыня схавала. - 76. Устала крыўда ў войску Даждзьбогава ўнука,
на зямлю Траянаву дзевай ступіла,
усплёснула лебядзінымі крыламі
на сінім моры ля Дону; - 77. спудзіла, ўсплёснуўшы, часіны сытыя.
Усобіца войны князёў з паганымі супыніла,
бо сказаў брат брату, ня тоячыся:
"Гэта маё, таксама маё й тое ўсё".
I пачалі князі пра малое
"гэта вялікае" мовіць,
і каваць самім на сябе крамолу. - 78. А паганыя з усіх бакоў прыходзілі
з перамогамі
на зямлю Рускую. - 79. О, далёка сокал дапаў, птушак б'ючы, —
да мора! - 80. А Ігаравага харобрага палка ўваскрэсіць
ня можна! - 81. Па ім закрычала Карна, і Жля ў зьнямозе
паскакала па Рускай зямлі, - 82. сеючы людзям гора зь пякельнага рога,
жанкі рускія ў горы заплакалі,
прыгаворваючы: - 83. "Ужо нам сваіх любых ладаў
ні ўяваю ўявіць,
ні думаю здумаць,
ні вачыма згледзець,
а золата й срэбра й зусім не пакратаць". - 84. А застагнаў бо, братове, Кіеў тугою,
а Чарнігаў напасьцямі. - 85. Жальба па Рускай зямлі разьлілася;
смутак густа пацёк сярод зямлі Рускай. - 86. А князі на сябе самі крамолу кавалі,
- 87. а паганыя самі,
зь перамогамі нарыскваючы
на зямлю Рускую,
з двара па белі даніну бралі. - 88.
Бо тыя два харобрыя Сьвятаслававічы,
Ігар і Усевалад,
ужо разбудзілі падступнасьць звадамі,
а яе прыспаў было бацька іхні,
Сьвятаслаў грозны вялікі Кіеўскі, - 89. грознасьцю, каб заціхлі:
прыбіў сваімі палкамі дужымі
і мечамі харалужнымі,
наступіў на зямлю Палавецкую,
прытаптаў і яры, і пагоркі,
узмуціў рэкі й вазёры,
высушыў балоты й патокі.
А паганага Кабяка з лукі мора,
ад жалезных вялікіх палкоў палавецкіх,
як віхор, вырваў, —
і паў Кабяк у горадзе Кіеве,
ў грыдніцы Сьвятаслававай. - 90. Тут немцы і венецічы,
тут грэкі і маравы
пяюць славу Сьвятаславу,
каюць князя Ігара,
што набыці, а нямала, патапіў на дне Каялы,
ракі Палавецкай,
рассыпаў золата рускае. - 91. Тут Ігар-князь перасеў зь сядла залатога
ў сядло няволькіцкае. - 92. I ад стогну засмуціліся ў гарадоў забаролы,
а весялосьць маркота забрала. - 93.
А Сьвятаслаў мутны сон бачыць - 94. у Кіеве на горах.
"У гэтую ноч зь вечара мяне апраналі, —
гаворыць, —
чорным акрывалам
на ложы цісавым; - 95. чэрпалі мне сіняе віно,
зьмяшанае з горам; - 96. з пустых калчаноў паганцаў
буйным жомчугам абсыпалі мяне - 97. і ласкаю суцяшалі.
Ужо без князька дошкі
ў маім золатаверхім цераме. - 98. Усю ноч зь вечара
ля Плесеньска - 99. на балоні граялі
вароны шэрыя,
і крылялі з-пад лесу да сіняга мора". - 100. I князю баяры сказаць схацелі:
- 101. "Ужо твой розум запаланіла гора,
- 102. бо гэта два сокалы зьляцелі
з прастолу бацькоўскага залатога
здабыць Тмутараканя-горада,
альбо напіцца шаломам з Дону.
Ужо сакалам паганых шаблі
крылкі падсеклі бяз жалю,
а саміх спуталі
жалезнымі путамі. - 103. Бо цёмна было ў трэйці дзень:
два сонцы прыцьмелі,
абодва барвяныя слупы пагасьлі,
і зь імі два маладзікі ясныя
цемраю завалакліся
і ў мора абнізіліся,
і вялікую дзёрзкасьць паганцам дазволілі. - 104. На рацэ на Каяле цемра над сьвятлом
сілу займела — - 105. па Рускай зямлі распасьцерліся полаўцы,
быццам гайно гэпардаў. - 106. Ужо на славу апала пагарда;
- 107. Ужо насела сіла на волю;
- 108. Ужо дзіў зямлю разбудзіў.
- 109. Бо гоцкія красныя дзевы
на беразе сіняга мора запелі:
звонячы золатам рускім,
часіну ўслаўляючы Бусаву,
пялегваючы помсту за Шарукана. - 110.
- 111. Тады вялікі Сьвятаслаў
сказаў залатое слова,
са сьлязамі зьмяшанае: - 112. "О сыноўча мае, Ігару і Усеваладзе!
Рана вы пачалі зямлю Палавецкую
мечамі цьвяліць,
а сабе славы шукаць.
Ды не па чэсьці адолець змаглі,
не па чэсьці кроў пралілі. - 113. Харобрыя вашыя сэрцы
зь цьвярдога булата каваны
і ў сьмеласьці гартаваны. - 114. Што-ж нарабілі вы з маёй срэбранай
сівізною? - 115. А ўжо ня бачу ўлады
магутнага,
ды багатага,
ды многавоіннага
брата майго Яраслава,
з чарнігаўскімі асілкамі,
з магутамі,
і з татранамі,
і з шальбэрамі,
і з тапчакамі,
і з равугамі,
і з альбэрамі.
Бо тыя без шчытоў, з нажом за халявай,
палкі клікам перамагаюць,
звонячы ў прадзедаўскую славу. - 116. Ды вы сказалі: "Памужэем самі:
даўнюю славу сабе прысвоім,
а наступную самі падзелім!" - 117. А ці ня дзіва, братове, памаладзець староі
- 118. Калі сокал пер'е мяняе,
высока птушак зьбівае:
ня дасьць гнязда свайго ў крыўду. - 119. Ды зло найшло — князі мне не дапамагаюць:
- 120. насталі часіны ганебныя.
- 121. Пад шаблямі палавецкімі крычаць
ля Рымава,
а Ўладзімер пад ранамі. - 122. Туга й гора сыну Глебаву!"
- 123. Вялікі княжа Усеваладзе!
Ці-ж і думкай табе здалёку прыляцець
не змагчы
бацькаў стол залаты паберагчы? - 124. Бо можаш ты вёсламі распырскаць Волгу,
а Дон выліць шаломамі! - 125. Калі-б быў ты тут,
дык была-б раба па нагаце,
а раб па рэзані, - 126. Бо лацьвей табе посуху страляці
жывымі стрэламі ■—
адважнымі сынамі Глебавымі. - 127. Ты, буй Рурыча, і Давыдзе!
Ці ня вашыя воі слаўныя
залочанымі шаломамі па крыві плавалі? - 128. Ці ня ваша дружына харобрая
рыкае, як туры,
параненыя калё'нымі шаблямі
на полі незнаёмым? - 129. Дык уступеце-ж імасьці, ў залатыя страмёны
за крыўду дня нашага,
за зямлю Рускую,
за раны Ігара,
буйнага Сьвятаслававіча! - 130. Галіцкі Асмамысл Яраславе!
Высока сядзіш як належыць
на сваім з золата кутым прастоле,
падпёр горы Угорскія доле
сваімі палкамі жалезнымі,
заступіўшы шлях каралю,
зачыніўшы Дунаю вароты,
цераз воблакі перакідваючы цяжары,
суды радзячы да Дуная. - 131. Цякуць па землях грозьбы твае цяжкія,
адчыняеш вароты Кіеву,
страляеш з бацькоўскага залатога прастолу
здалёку ў султанаў. - 132. Страляй-жа, імасьць, у Канчака,
кэшчэя паганага,
за зямлю Рускую,
за раны Ігаравы,
буйнага Сьвятаслававіча! - 133. А ты, буй Рамане, і Мсьціславе!
Харобрая думка ўзносіць на подзьвіг
ваш розум. - 134. Ты крыляеш высока ў адвазе грозны,
сокалам раскашуесься на вятрах,
хочучы птушку зьбіць у быстрым лёце. - 135. Бо ў вас жалезныя панцыры
пад шаломамі лацінскімі.
Ад іх зямля задрыжэла,
і краіны многія —
Хінава,
Літва,
Яцьвягі,
Дзерамела,
і полаўцы суліцы свае пасклалі,
а галовы свае пасхілялі
пад тыя харалужкыя мечы зьнямела. - 136. Бо ўжо, княжа,
Ігару сонца ўначэла ў сьвятле,
а дрэва не на дабро лісьце скінула: - 137. па Росі й па Суле гарады падзялілі.
А Ігараў харобры полк не ўваскрэсіць! - 138. Дон цябе, княжа, кліча
і просіць князёў на падмогу. - 139. Ольгавічы, князі харобрыя, на раць
пасьпелі... - 140. Інгвар і Ўсевалад,
і ўсе тры Мсьціслававічы,
сокалы шасьцікрылыя гнязда не благога!
Вам ня кідала жэрабя перамога —
самі параскрадалі ўладаньні! - 141. Дзе-ж вашыя залатыя шаломы
і суліцы ляшскія
і шчыты? - 142. Загарадзеце дзікаму полю вароты
неаслабла
сваімі вострымі стрэламі
за зямлю Рускую,
за раны Ігаравы,
буйнага Сьвятаслававіча! - 143. Ужо срэбрам цячы перастала
Сула Пераяслаўлю,
і Дзьвіна ўчарнела цячэ
грозным тым палачанам
пад клікам паганых. - 144. Толькі адзін Ізяслаў, сын Васількаў,
сваімі мечамі вострымі быў у сіле
пазваніць аб шаломы літоўскія.
Прыбіў ён славу дзеда свайго ўсяслава,
а сам пад шчытамі чырвонымі
на траве крывавай
быў прыбіты літоўскімі мечамі - 145. і ўчуў голас вешчы:
- 146. "Дружыну тваю, княжа,
птушкі крыламі ўбралі,
а зьвяры кроў палізалі". - 147. Ня было тут брата Брачыслава,
ні другога — Усевалада.
I адляцела яго душа жамчужная
з харобрага цела
праз залатое аплечча. - 148. Зажурыліся галасы,
весялосьць панікла,
трубы трубяць гарадзенскія. - 149. Яраслававы ўсе ўнукі й Усяслававы!
Абнізьце сьцягі свае зрэджаныя,
схавайце мечы свае вярэджаныя. - 150. Выпалі вы зь дзедаўскай славы, як сокалы
голыя. - 151. Бо вы сваімі крамоламі
пачалі наводзіць паганых
на зямлю Рускую,
на Усяслававу нажыць. - 152. Вашыя ўсобіцы прывялі
гвалт ад зямлі Палавецкай!
На сёмым веку Траяна - 153. кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва
на любую сваю абраную. - 154. Ды сабраў коней хітрасьці рана
і скочыў да горада Кіева
і дакрануўся дзідаю
да залатога прастола кіеўскага. - 155. Скочыў ад іх лютым зьверам
апоўначы з Белгорада,
сінім воблакам ахінуўся, - 156. урваў тры разы ён удачу,
вароты Новагорада адчыніў,
разьбіў славу Яраславу, - 157. скокнуў ваўком хутка
да Нямігі з Дудутак.
На Нямізе галовы сьцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць душу ад цела. - 158. Нямігі крывавыя берагі
ня збожжам былі засеяны ізноў —
засеяны косьцьмі рускіх сыноў. - 159. Усяслаў-князь людзям чыніў суды,
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў
зь Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў. - 160. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы ў сьвятое Сафіі,
а ён той звон чуе ў Кіеве. - 161. Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,
ды часта ад бедаў цярпеў ён. - 162. Яму вешчы Баян
прымаўку мудрую даўно склаў: - 163. "Ні хітраму,
ні спрытнаму,
ні чарадзею дасьціпнаму
суда Боскага ня мінуць". - 164. О, стагнаць Рускай зямлі,
ўспамінаючы часіны першыя
і першых князёў! - 165. Таго старога Ўладзімера
нельга было прыкуць да гораў Кіеўскіх: - 166. цяпер-жа сталі сьцягі Рурыкавы,
а другія — Давыдавы,
ды ў розныя бакі палошчуцца ў іх
палотнішчы. - 167. I коп'і пяюць парознаму.
- 168. На Дунаі чуцен голас Яраслаўны,
самотнай чайкаю кігіча рана: - 169. "Палячу, кажа, чайкаю па Дунаю,
- 170. абмачу белшаўковы рукаў у Каяле,
- 171. абатру князю крывавыя яго раны
на целе яго крамяным". - 172. і
Яраслаўна рана плача
ў Пуціўлі на забароле, прыгаворваючы: - 173. "О ветру, вятрыла!
- 174. Чаму імкнеш палавецкія стрэлы згубныя
на сваіх лёгкіх крылах
на воінаў майго любага? - 175. Ці-ж табе аблокамі ня стала прасторы,
караблі люляючы на сінім моры? - 176. Чаму, валадару, весялосьць маю
па кавылю разьвеяў?" - 177. Яраслаўна рана плача ,
ў Пуціўлі на забароле, прыгаворваючы:і - 178. "О Днепра Славуцічу!
Ты прабіў каменныя горы
праз зямлю Палавецкую. - 179. Ты люляў на сабе насады Сьвятаслававы
да Кабяковага стану - 180. Дык прылюляй, валадару, да мяне мой лёс,
каб ня слала я да яго сьлёз
на мора рана". - 181. Яраслаўна рана плача
ў Пуціўлі на забароле, прыгаворваючы: - 182. "Сьветлае і трысьветлае сонца!
Усім ты цёплае й яснае: - 183. чаму, валадару, паслала свае гарачыя промні
на воінаў любага?
У полі бязводным сьпё'кай ім лукі сьцягнула,
бядою ім калчаны затнула?" - 184. Пырснула мора апаўночы,
хмары ад сьмерчаў стогнуць.
Ігару-князю Бог шлях кажа
зь зямлі Палавецкай
у зямлю Рускую,
да бацькавага залатога прастола. - 185. Пагасьлі вечарніцы.
Ігар сьпіць,
Ігару рупіць,
Ігар думкаю поле мерае
ад вялікага Дону да малога Данца. - 186. Сьвіснуў Аўлур апаўночы на каня
за ракою ледзь:
князю загадаў разумець:
князю Ігару ня быць у палоне! - 187. Гўкнула,
грукнула зямля,
зашумела трава,
палавецкія вежы рухацца сталі. - 188. А Ігар-князь паскакаў
у чарот гарнастаем,
на ваду белым гогалем. - 189. На борздкага каня ўскочыў
і саскочыў зь яго ваўком шэрым. - 190. і пабег да лукі Данца,
і паляцеў сокалам пад аблокамі,
б'ючы гусей і лебедзяў
на сьняданьне,
і абед,
і вячэру. - 191. Калі Ігар сокалам паляцеў,
тады Аулур ваўком пабег,
трусячы сьцюдзёную расу сабою,
бо загналі сваіх борздкіх коней абое. - 192. Данец кажа:
- 193. "Княжа Ігару!
Ня мала табе велічы,
а Канчаку нелюбі,
а Рускай зямлі весялосьцГ. - 194. Ігар кажа:
- 195. "О Донча!
Ня мала табе велічы,
што князя люляў на хвалях,
слаў яму траву зялёную
на берагох срэбных,
апранаў яго цёплымі туманамі
пад засеньню зялёнага дрэва; - 196. ты сьцярог яго гогалем на вадзе,
чайкамі на бруях,
чэрнядзямі на вятрох". - 197. Не такая яна, кажа, рака Стугна:
скупую брую маючы,
паглынуўшы чужыя ручаі й патокі,
шэрэйшаю ў вусьці стала
і юначка князя Расьціслава схавала
на дне ля цёмнага берагу. - 198. Плача Расьціславава маці
па маладым сыну. - 199. Ад жалобы кветкі абнылі
і дрэва з тугою да зямлі схілілася. - 200.
А не сарокі затраскаталі —
сьледам Ігаравым Гзак з Канчаком едуць. - 201. Тады не граялі вораны,
галкі зьнямелі.
сарскі не траскаталі, - 202. толькі поўзалі зьмеі.
Дзятлн стукам шлях да ракі кажуць,
салаўі вясёлымі песьнямі
сьвітаньне вітаюць. - 203.
Кажа Гзак Канчаку: - 204. "Калі сокал да гнязда ляціць,
расстраляем саколіча
стрэламі сваімі залочанымі". - 205. Кажа Канчак да Гзы:
- 206. "Калі сокал да гнязда ляціць,
дык сакалца апутаем
краснаю дзеўкаю". - 207. I сказаў Гзак Канчаку:
- 208. "Калі яго апутаем краснаю дзеўкаю,
ні сакалятка ў нас,
ні краснай дзеўкі ня стане
і пачнуць нас птушкі біць
у Палавецкім стане". - 209.
Сказалі Баян і Хадына,
Сьвятаслававы песьнятворцы
старых часін Яраслава,
Алега-князя ўлюбёнцы: - 210. "Цчжка галаве без плячэй,
важка целу без галавы" —
Рускай зямлі бяз Ігара. - 211. Сонца сьвеціцца на нябё'сах —
Ігар-князь у Рускай зямлі; - 212. дзеўкі пяюць на Дунаі —
галасы ўюцца цераз мора да Кіева. - 213. Ігар едзе па Барычаву
да сьвятой Багародзіцы
Пірагошчай. - 214. Рады сёлы, гарады вясёлы.
- 215. Пяяўшы славу князям старым,
потым пяяць і маладым. - 216.
Слава Ігару Сьвятаслававічу,
буй туру Усеваладу,
Уладзіміру Ігаравічу! - 217. Будзьце ў здароўі, князі і дружына,
баронячы хрысьціян
ад паганай чужыны! - 218. Князям слава і дружынс!
Амін!
Ссылка
Если вы используете корпус в научной работе, пожалуйста, сошлитесь на эту публикацию:
Орехов Б. В. Параллельный корпус переводов «Слова о полку Игореве»: итоги и перспективы // Национальный корпус русского языка: 2006—2008. Новые результаты и перспективы. — СПб.: Нестор-История, 2009. — С. 462—473.