Белорусский перевод В. Дорошкевича
Вечна жывое «Слова». Мінск, 1989.
- 1. Ці не лепей нам, братове,
пачаці старымі словамі
аповесці трудныя пра паход Ігаравы,
Ігара Святаслаўліча? - 2. Дый пачаціся песні гэтай
па былінах часу нашага,
а не складам Баянавым! - 3. Баян бо вешчы,
хацеў каго песняй уславіці,
то расцякаўся мысляй па дрэву,
шэрым ваўком па зямлі,
шызым арлом пад аблокамі. - 4. Успамінаў ён, як гаварыў,
першых часін усобіцы.
Тады выпускаў дзесяць сокалаў на лебедзяў
стада:
якую лябёдку даганялі,
тая першая песню пяяла —
старому Яраславу,харобраму Мсціславу,
што зарэзаў Радзедзю перад палкамі
касожскімі,
краснаму Раману Святаслаўлічу. - 5. Баян жа, братове, не сокалаў дзесяць
на лябяжае стада пускаў,
а свае пальцы вешчыя
на струны жывыя ўскладаў;
яны ж самі князям славу ракаталі. - 6. Пачнем жа, братове, аповесць гэтую
ад старога Уладзімера да нашага Ігара,
што змацаваў розум сілай сваёю
і навастрыў сваёю мужнасцю сэрца; - 7. поўны ратнага духу,
свае палкі харобрыя павёў
на зямлю Палавецкую"
за зямлю Рускую. - 8. Тады Ігар зірнуў
на светлае сонца
і бачыць вояў сваіх,
цемрай акрытых. - 9. I сказаў тады Ігар
дружыне сваёй: - 10. «О братове і дружына!
Лепей жа быці пацятаму,
чым паланёнаму быці; - 11. уссядзем жа, братове,
на сваіх борздых коней
ды глянем
на сіні Дон». - 12. Розум князёў паддаўся
жаданню,
і ахвота паспытаці Дону вялікага
знаменне яму засланіла. - 13. «Хачу,— кажа,— дзіду заламаціаб поля канец Палавецкага;
з вамі, русічы, хачу голаў сваю злажыці,
або шаломам напіціся Дону». - 14. О Баяне, салавею часінаў старых!
Вось бы ты паходы тыя ўславіў,
скачучы, салавею, па мысленаму дрэву,
залятаючы думкаю пад аблокі;
звіваючы славай абедзве паловы нашага
часу,
рыскаючы па сцяжыне Траяна цераз палі на горы, - 15. Так бы ў Велесава ўнука песня Ігару пелася:
- 16. «Не сокалаў бура занесла
цераз палі шырокія —
галак чароды ляцяць
да Дону вялікага». - 17. Ці так бы песню пачаў ты,
вешчы Баяне,
Велесаў унуча: - 18. «Коні ржуць за Сулою —
звініць слава ў Кіеве;
трубы трубяць у Ноўгарадзе —
стаяць сцягі ў Пуціўлі!»
Ігар чакае мілага брата Усевалада. - 19. І сказаў яму буй тур Усевалад:
- 20. «Адзін брат,
адзін свет светлы —
ты, Ігару!
Абодва мы — Святаслаўлічы! - 21. Сядлай, браце,
сваіх борздых коней, - 22. а мае то гатовы,
ля Курска яшчэ раней асядланы. - 23. А куране мае — воіны бывалыя:
пад трубамі спавіваныя,
пад шаломамі ўзлялеяныя,
з канца дзіды ўскормленыя, - 24. шляхі ім вядомыя,
яры ім знаёмыя,
лукі ў іх напяты,
калчаны адчынены,
шаблі навостраныя; - 25. Самі скачуць шэрымі ваўкамі ў полі,
шукаючы чэсці сабе, а князю славы». - 26. Тады ўступіў Ігар-князь у залатое стрэмя
і паехаў па чыстаму полю. - 27. Сонца яму цемрай шлях заступіла;
- 28. Ноч стогнамі навальніцы птушак пабудзіла;
свіст звярыны паўстаў, - 29. страпянуўся дзіў —
кліча на вярху дрэва,
загадвае ўслухацца — зямлі незнаёмай,
Волзе,
і Памор'ю,
і Пасуллю,
і Суражу,
і Корсуню,
і табе, ідале Тмутараканскі! - 30. I полаўцы дарогамі негатовыміпабеглі да Дону вялікага:
крычаць калёсы а поўначы,
быццам лебедзі спуджаныя.
Ігар да Дону вояў вядзе! - 31. Ужо беды ягоныя пасуць птахі
па дубах;
ваўкі нядобрае варожаць
па ярах;
арлы на косці звяроў клёкатам клічуць;
на шчыты чырвоныя брэшуць лісіцы. - 32. О руская зямля! Ужо ты за пагоркам!
- 33. Ноч меркне доўга.
- 34. Зараніца святло ўпусціла,
імгла палі спавіла. - 35. Заснуў шчокат салаўіны,
гоман галак узбудзіўся. - 36. Русічы палі вялікія чарлёнымі шчытамі
перагарадзілі,
шукаючы чэсці сабе, а князю
— славы. - 37. У пятніцу з рання
патапталі яны паганыя палкі палавецкія
і, рассыпаўшыся стрэламі па полі,
памкнулі красных дзеў палавецкіх,
а з імі золата,
і павалакі,
і дарагія аксаміты. - 38. Ортмамі
і япанчыцамі
і кажухамі
сталі масты масціць па балотах
і багністых мясцінах,
і ўсялякімі ўборамі палавецкімі, - 39. Чырвоны сцяг,
харугва белая,
чырвоны бунчук,
срэбнае дрэўка —
харобраму Святаслаўлічу. - 40. Дрэмле ў полі Алегава гняздо харобрае.
Далёка заляцела! - 41. Не было яно ў крыўду народжана
ні сокалу,
ні крэчату,
ні табе, чорны воран,
паганы полавец! - 42. Гзак бяжыць ваўком шэрым,
а Канчак
след яму правіць да Дону
вялікага! - 43. Другога дня вельмі рана
крывавыя зоры свет узнімаюць; - 44. Чорныя хмары з мора ідуць,
хочуць чатыры сонцы прыкрыці,
а ў іх б'юцца сінія маланкі. - 45. Быці грому вялікаму,
ісці дажджу стрэламі з Дону вялікага! - 46. Тут дзідам паламаціся,
тут шаблям патручаціся
аб шаломы палавецкія
на рацэ на Каяле,ля Дону вялікага! - 47. О Руская зямля! Ужо ты за пагоркамі
- 48. Вось ветры, унукі Стрыбожыя,
веюць стрэламі з мора
на харобрыя палкі Ігаравы. - 49. Зямля гудзе,
рэкі мутна цякуць,
пыл палі акрывае, - 50. сцягі гавораць:
полаўцы ідуць ад Дону,
і ад мора, - 51. і з усіх бакоў рускія палкі абступілі.
- 52. Дзеці д'яблавы клікам палі перагарадзілі,
а харобрыя русічы перагарадзілі чарлёнымі
шчытамі. - 53. Яр тур Усеваладзе!
Стаіш ты ў крутаверці бою,
прышчаш на вояў стрэламі,
грыміш аб шаломы мячамі харалужнымі! - 54. Куды, тур, паскачаш,
сваім залатым шаломам пасвечваючы,
ляжаць там паганыя галовы палавецкія. - 55. Пашчапаны шаблямі калёнымі шаломы
аварскія —
ад цябе, яр тур Усеваладзе! - 56. Якой раны, братове, пабаіцца той,
хто забыўся на славу і багацце,
і горада Чарнігава стол залаты
бацькаў,
забыў сваёй мілай, жаданай, краснай
Глебаўны звычаі і абычаі? - 57. Былі вякі Траянавы,
мінулі леты Яраслаўлевы,
былі паходы Алегавы,
Алега Святаслаўліча. - 58. Той бо Алег мячом крамолу каваў
і стрэлы па зямлі сеяў, - 59. У залатое стрэмя ўступаў у горадзе
Тмутаракані, - 60. звон гэты чуў даўні вялікі Яраслаў,
- 61. а сын Усевалада, Уладзімер
кожную раніцу вушы закладваў у Чарнігаве. - 62. Барыса ж Вячаслаўліча слава на суд
прывяла
і на Каніне зялёнае акрывала паслалахаробраму і маладому князю
за крыўду Алегаву. - 63. З таей жа Каялы Святаполк загадаў
бацьку свайго прывезціміж угорскімі інаходцамі,да святое Сафіі да Кіева. - 64. Тады, пры Алегу Гарыслаўлічу,
засяваўся і прарастаў усобіцамі,
гінуў набытак Даждзьбожага ўнука;
у княскіх крамолах караціліся жыцці
людскія. - 65. Тады па Рускай зямлі пераклікаліся рэдка
аратыя,
ды часта груганы граялі,
трупы дзелячы між сабой,
а галкі гоман заводзілі свой,
хочучы паляцець на здабычу. - 66. Гэта было ў тыя раці і тыя паходы,
а такой раці не чуваці!
Ад рання да вечара,
з вечара да світання
ляцяць стрэлы калёныя,
грымяць шаблі аб шаломы,
трашчаць коп'і харалужныя - 67. у полі незнаёмым,
сярод зямлі Палавецкай.
Чорная зямля пад капытамі была касцямі
засеяна
і крывёю паліта:
узышлі яны па Рускай зямлі тугою. - 68. Што мне шуміць,
што мне звініць — - 69. здалёку рана перад зарою?
Ігар палкі заварочвае,
бо шкада яму мілага брата Усевалада. - 70. Біліся дзень,
біліся другі;
трэцяга дня к палудню палі сцягі Ігаравы. - 71. Тут два браты разлучыліся на беразе
быстрай Каялы; - 72. тут крывавага віна не хапіла;
- 73. тут пір дакончылі харобрыя русічы:
сватоў напаілі, а самі палеглі
за зямлю Рускую. - 74. Нікне трава ад жаласці,
а дрэва з тугою да зямлі схілілася. - 75. Ужо вось, братове, невясёлая часіна
настала,
ужо пустыня сілу прыкрыла. - 76. Крыўда паўстала ў войсках Даждзьбожага
ўнука,
ступіла дзевай на землю Траянаву,
успляснула лебядзінымі крыламіна сінім моры ля Дону;
усплёснуўшы, спудзіла часіны шчаслівыя. - 77. Усобіца пагоню князёў на паганых спыніла,
бо сказаў брат брату:
«Гэта маё, і тое ж маё».
I пачалі князі пра малое
«гэта вялікае» казаці
і самі на сябе крамолу каваці. - 78. А паганыя з усіх бакоў прыходзілі
з перамогамі
на зямлю Рускую. - 79. О, далёка заляцеў сокал, птушак б'ючы,—
да мора! - 80. А Ігарава харобрага палка не ўваскрэсіці!
- 81. Па ім клікнула Карна, і Жэля
паскакала па Рускай зямлі, - 82. смагу людзям наводзячы ў вогненным
розе,жанкі рускія ў горы заплакалі, галосячы: - 83. «Ужо нам сваіх мілых ладаў
ні мысляю змысліці,
ні думаю здумаці,
ні вачыма згледзеці,
а золата і серабра зусім не пакратаці». - 84. І застагнаў бо, братове, Кіеў тугою,
а Чарнігаў напасцямі. - 85. Жальба па Рускай зямлі разлілася,
смутак густа пацёк сярод зямлі Рускай. - 86. А князі самі на сябе крамолу кавалі,
- 87. а паганыя,
з перамогамі нарыскваючы на зямлю
Рускую,
дань вымагалі па белі з двара. - 88. Тыя бо два харобрыя Святаслаўлічы,
Ігар і Усевалад,
ужо каварства збудзілі звадамі,
а яго прыспаў было бацька іх —
Святаслаў грозны вялікі Кіеўскіх— - 89. гразою:
патрапаў сваімі моцнымі палкамі
і мячамі харалужнымі,
наступіў на зямлю Палавецкую,
прытаптаў пагоркі і яры,
узмуціў рэкі і азёры,
высушыў патокі і балоты.
А паганага Кабяка ад лукамор'я,
з жалезных вялікіх палкоў палавецкіх,
як віхор, вырваў:
і паў Кабяк у горадзе Кіеве,
у грыдніцы Святаслаўлевай. - 90. Тут немцы і вянецічы,
тут грэкі і маравы пяюць славу Святаславу,
каюць князя Ігара,
што патапіў багацце на дне Каялы-ракі
палавецкай,
насыпаўшы золата рускага. - 91. Тут Ігар-князь перасеў з сядла залатога
у сядло нявольніцкае. - 92. Занылі ў гарадоў забралы,
а весялосць завяла. - 93. А Святаслаў мутны сон бачыў
- 94. у Кіеве на горах.«У гэтую ноч,— гаворыць,— з вечара
мяне накрывалі
чорнай папаломай
на лежніцы цісовай; - 95. чэрпалі мне сіняе віно,
з горам змяшанае; - 96. сыпалі мне з пустых калчанаў іншаземцаў
паганых
буйны жэмчуг на грудзі - 97. і лашчылі мяне.
Ужо дошкі без князька
ў маім цераме златаверхім. - 98. Усю ноч з вечара
вбраны шэрыя граялі - 99. каля Плясеньска,—
на балоні стаяў лес Кіяні,—
і панясліся яны да сіняга мора». - 100. I сказалі баяры князю:
- 101. «Ужо, княжа, туга розум твой замуціла,
- 102. гэта бо два сокалы зляцеліз бацькоўскага прастола залатога
здабыць горада Тмутараканя
альбо напіціся шоламам Дону.
Ужо сокалам крыльцы падсеклі
шаблі паганых,
а саміх іх апуталі
ў путы жалезныя». - 103. Цёмна бо было на трэці дзень:
два сонцы патухлі,
абодва барвяныя слупы пагаслі,
і з імі месяцы маладыя —
Алег і Святаслаўг —
цемрай завалакліся
і ў мора апусціліся
і вялікую гордасць узбудзілі ў хіноваў. - 104. На рацэ на Каяле святло цемра пакрыла —
- 105. па Рускай зямлі распасцерліся полаўцы,
быццам вывадак пардусаў. - 106. Ужо апала няслава на славу;
- 107. ужо запанавала насілле над воляй;
- 108. ужо ўрэзаўся дзіў на зямлю.
- 109. I вось гоцкія красныя дзевы
на беразе сіняга мора запелі:
золатам звонячы рускім,
пяюць яны Бусаву часіну,лялеюць помсту за Шарукана. - 110. А мы ўжо, дружына, без жаднай
весялосці! - 111. Тады вялікі Святаслаў
слова сваё залатое сказаў
са слязамі змешанае: - 112. «О сыноўцы мае, Ігару і Усеваладзе!
Рана вы пачалі зямлю Палавецкую
мячамі цвяліці,
а сабе славы шукаці.
Але не па чэсці адалелі,
не па чэсці кроў паганую пралілі. - 113. Вашы харобрыя сэрцы
з цвёрдага булата каваны
і ў адвазе загартаваны. - 114. Ды што ж вы ўчынілі маёй сярэбранай
сівізне? - 115. Ужо не бачу ўлады
магутнага
ды багатага
ды мнагавоіннага
брата майго Яраслава
з чарнігаўскімі былямі,
з магутамі,
і з татранамі,
і з шальбірамі,
і з тапчакамі,
і з рэвугамі,
і з альберамі.
Тыя бо без шчытоў, з захаляўнымі нажамі
палкі клікам перамагаюць,
звонячы ў славу прадзеднюю. - 116. Ды сказалі вы: Храбрымося самі:
пярэднюю славу сабе возьмем,
а заднюю самі падзелім!» - 117. А хіба дзіва, братове, старому памаладзеці?
- 118. Калі сокал ліняе,
высока птушак збівае:
не дасць гнязда свайго ў крыўду. - 119. Ды вось зло — мне князі не пасабляюць:
- 120. часіны цяжкія абярнуліся.
- 121. Вось у Рымава крычаць пад шаблямі
палавецкімі,
а Уладзімер пад ранамі. - 122. Туга і гора сыну Глебаву!»
- 123. Княжа вялікі Усеваладзе!
Ці ж не мысляй табе прыляцеці здалёку
бацькаў стол залаты ўбярэгчы? - 124. Ты бо можаш Волгу вёсламі распырскаці,
а Дон шаломамі выліціі - 125. Калі б быў ты тут,
то была б раба па нагаце,
а раб па рэзані. - 126. Ты бо можаш посуху
жывымі шарашырамі страляці —
удалымі Глеба сынамі. - 127. Ты, буй Рурыча, і Давыдзе!
Ці не вашыя воі
шаломамі залачонымі па крыві плавалі? - 128. Ці не ваша дружына харобрая
рыкае, яг. туры,
параненыя шаблямі калёнымі
на полі незнаёмым? - 129. Уступіце ж, князі, у залатыя страмёны
за крыўду нашага часу,
за зямлю Рускую,
за раны Ігаравы,
буйнага Святаслаўліча! - 130. Галіцкі Асмамысл Яраславе!
Высока сядзіш ты
на прастоле сваім златакованым,
падпёр горы Угорскіясваімі палкамі жалезнымі,
заступіўшы шлях каралю,
зачыніўшы Дунаю вароты,
шыбаючы цяжары цераз аблокі,
суды радзячы да Дуная. - 131. Грозьбы твае па землях цякуць,
адчыняеш вароты Кіеву,
страляеш з бацькоўскага стала залатога
салтанаў па-за землямі. - 132. Страляй жа, княжа, Канчака,
паганага раба,
за зямлю Рускую,
за раны Ігаравы,
буйнага Святаслаўліча! - 133. А ты, буй Рамане, і Мсціславе!
Харобрая думка ўзносіць на подзвіг
ваш розум. - 134. Высока крыляеш ты, смелы, ў адвазе,
як сокал на ветрах лунаючы,
хочучы птаха ў бітве адолець. - 135. Ёсць бо у вас жалезныя наперснікі
пад шаломамі лацінскімі.
Ад іх зямля ўздрыгнула
і краіны многія —
Хінава,
Літва,
Яцвягі,
Дзерамела
і полаўцы суліцы свае пакідалі,
а галовы свае пасхілялі
пад тыя мячы харалужныя. - 136. Але ўжо, княжа Ігару,
аслабла сонца святло,
а дрэва не на дабро лісце скінула: - 137. па Русі і па Суле гарады
падэялілі.
А Ігараў харобры полк не ўваскрэсіціі - 138. Дон цябе, княжа, кліча
і заве князёў на перамогу. - 139. Ольгавічы, харобрыя князі, падаспелі
на раць... - 140. Інгвар і Усевалад,
і ўсе тры Мсціслаўлічы,не благога гнязда сокалы шасцікрылыяі
Не жэрабем пераможным
параскрадалі вы свае ўладанні! - 141. Дзе ж залатыя шаломы
і суліцы ляшскія і шчыты? - 142. Загарадзіце полю вароты
сваімі вострымі стрэламі
за зямлю Рускую,
за раны Ігаравы,
буйнага Святаслаўліча! - 143. Ужо бо Сула не цячэ сярэбранымі бруямі
для горада Пераяслаўля,
і Дзвіна балотам
цячэ
для тых грозных палачан
пад клікам паганых. - 144. Адзін толькі Ізяслаў, сын Васількаў,
сваімі вострымі мячамі пазваніў
аб шаломы літоўскія,
прыбіў ён славу дзеда свайго Усяслава,
а сам пад шчытамі чырвонымі
на крывавай траве
прыбіты быў мячамі літоўскімі
са сваім улюбёнцам, - 145. а той кажа:
- 146. «Дружыну тваю, княжа,
крылы птахаў прыадзелі,
а звяры кроў палізалі». - 147. Не было тут брата Брачыслава,
ні другога — Усевалада.
Адзін ён выпусціў душу жамчужную
з харобрага цела
праз залатое аплечча. - 148. Зажурыліся галасы,
весялосць панікла,
трубы трубяць гарадзенскія! - 149. Яраслаўлевы ўсе ўнукі і Усяслаўлевы!
Абнізце сцягі свае,
пахавайце мячы свае вярэджаныя. - 150. Выпалі вы з дзедняй славы.
- 151. Вы бо сваімі крамоламі
пачалі наводзіці паганых
на зямлю Рускую
на нажыць Усяслаўлеву. - 152. З-за ўсобіц бо пайшло насілле
ад зямлі ПалавецкайІ
На сёмым веку Траянавым - 153. жэрабя кінуў Усяслаў
аб дзяўчыне сабе любай. - 154. Ен хітрасцю на коней абапёрся
і скочыў да горада Кіева
і дакрануўся дзідаю
да залатога стала кіеўскага. - 155. Скочыў ад іх лютым зверам
апоўначы з Белгорада,
ахінуты імглой сіняю, - 156. здабыў ён шчасце,
у тры націскі адчыніў ён вароты Ноўгарада,
разбіў славу Яраславу, - 157. скочыў ваўком
да Нямігі з Дудутак.
На Нямізе снапы сцелюць галовамі,малоцяць цапамі харалужнымі,
жыццё кладуць на таку,
веюць душу ад цела. - 158. Нямігі крывавыя берагі
не дабром былі засеяны —
засеяны касцямі рускіх сыноў. - 159. Усяслаў-князь людзям суд чыніў,
князям гарады радзіў,
а сам уночы ваўком рыскаў:
з Кіева дапінаў да пеўняў Тмутаракані,
Хорсу вялікаму
ваўком шлях перацінаў. - 160. Яму ў Полацку завутраннюю пазванілі рана
ў званы ў святое Сафіі,
а ён той звон у Кіеве чуе. - 161. Хоць і вешчая душа ў дзёрзкім целе была
ды часта ад бедаў цярпеў ён. - 162. Яму вешчы Баян, змышлёны,
даўно прыпеўку сказаў: - 163. «Ні хітраму,
ні ўмеламу,
ні птаху быстраму
суда божага не мінуці». - 164. О, стагнаці Рускай зямлі,
успамінаючы часіны першыя
і першых князёў! - 165. Таго старога Уладзімера
нельга было прыкуці да гораў кіеўскіх: - 166. цяпер жа сталі сцягі Рурыкавы,
а другія — Давыдавы,
ды паасобку калышуцца у іх палотнішчы. - 167. Коп'і пяюць!
- 168. На Дунаі чуцен голас Яраслаўны Ш,
зегзіцай самотнаю рана галосіць: - 169. «Палячу,— кажа,— зегзіцаю па Дунаю,
- 170. абмачу шаўковы рукаў у Каяле-рацэ,
- 171. абатру князю раны яго крывавыя
на целе яго магутным». - 172. Яраслаўна рана плача
ў Пуціўлі на забрале, прыгаворваючы: - 173. «О ветру, вятрыла!
Чаму, валадару, ты вееш насільна? - 174. Чаму мечаш хінаўскія стрэлачкі
на сваіх лёгкіх крылачках
на вояў лады майго? - 175. Ці ж веяць мала табе было пад аблокамі,
караблі на сінім моры лялеючы? - 176. Чаму, валадару, весялосць маю
па кавылю ты развеяў? - 177. Яраслаўна рака плача
ў Пуціўлі-градзе на забрале,
прыгаворваючы: - 178. «О Днепру Славуцічу!
Ты прабіў каменныя горы скрозь зямлю Палавецкую. - 179. Ты люляў на сабе насады Святаслаўлевы да Кабяковага стану.
- 180. Прылялей жа, валадару, да мяне майго
мілага,
каб не слала я да яго слёз
на мора рана». - 181. Яраслаўна рана плача
ў Пуціўлі на забрале,
прыгаворваючы: - 182. «Светлае і трысветлае сонца!
Усім цёплае ты і яснае: - 183. чаму, валадару, паслала свае промні
гарачыя
на вояў лады майго?
У полі бязводным смагай ім лукі звяло,
горам ім калчаны заткнула?» - 184. Прыснула мора апоўначы,
ідуць смерчы хмарамі.
Ігару-князю бог шлях кажа
з зямлі Палавецкай
у землю Рускую
да бацькавага стала залатога. - 185. Пагасла зорка вячэрняя.
Ігар спіць,
Ігар вока не зводзіць,
Ігар думкаю поле мерае
ад вялікага Дону да малага Данца. - 186. Апоўначы свіснуў Аўлур
каня за ракою;
разумеці князю загадвае:
князю Ігару не быці ў палонеі - 187. Клікнула,
грукнула зямля,
зашумела трава,
палавецкія вежы рухацца сталі. - 188. А Ігар-князь паскакаў
да трыснягу гарнастаем,
на ваду белым гогалем. - 189. На борздага каня ўскочыў
і саскочыў з яго ваўком шэрым. - 190. I пабег да лукі Данца,
і паляцеў сокалам пад аблокамі,
б'ючы гусей і лебедзяў
на сняданне
і абед,
і вячэру. - 191. Калі Ігар сокалам паляцеў,
тады Аўлур ваўком пабег,
абіваючы сабою росы сцюдзёныя:
загналі бо сваіх борздых коней абое. - 192. Данец кажа:
- 193. «Княжа Ігару!
Не мала табе велічы,
а Канчаку нелюбі,
а Рускай зямлі весялосці». - 194. Ігар кажа:
- 195. «О Донча!
Не мала табе велічы,
што лялеяў ты князя на хвалях,
слаў яму траву зялёную
на берагах сваіх срэбных,
апранаў яго цёплымі туманамі
пад засенню зялёнага дрэва; - 196. ты сцярог яго гогалем на вадзе,
чайкамі на бруях,
чэрнядзямі на вятрах». - 197. Не такая, кажа ён, рака Стугна:
скупую брую маючы,
паглынуўшы чужыя ручаі і патокі
шырэйшая ў вусці,
юнака князя Расціслава схавала
на дне пры беразе цёмным. - 198. Плача маці Расціслаўлева
па маладым князю Расціславе. - 199. Занылі кветкі жальбою,
і дрэва з тугою да зямлі схілілася. - 200. То не сарокі застракаталі —
следам Ігаравым Гзак з Канчаком едуць. - 201. Тады не граялі вораны,
галкі занямелі,
сарокі не стракаталі, - 202. толькі поўзалі полазы.
Дзятлы цектам шлях да ракі значаць,
ды салаўі вясёлымі песнямі
світанак вітаюць. - 203. Кажа Гзак Канчаку:
- 204. «Калі сокал да гнязда ляціць,
расстраляем саколіча
стрэламі сваімі злачонымі». - 205. Кажа Канчак Гзаку:
- 206. «Калі сокал да гнязда ляціць,
то сакальца апутаем
краснаю дзеваю». - 207. I сказаў Гзак Канчаку:
- 208. «Калі яго апутаем краснаю дзеваю,
не будзе ў нас ні саколіча,
ні краснай дзевы,
і пачнуць нас птахі біці
у полі Палавецкім». - 209. Сказалі Баян і Хадына,
Святаслаўлевы песнятворцы
старых часін Яраслаўлевых,
Алега-князя ўлюбёнцы: - 210. «Цяжка галаве без плячэй,
бяда целу без галавы», —
Рускай зямлі без Ігара. - 211. Сонца свеціцца на нябёсах,—
Ігар-князь у Рускай зямлі, - 212. дзевы пяюць на Дунаі —
галасы ўюцца цераз мора да Кіева. - 213. Ігар едзе па Барычаву
да святой багародзіцы Пірагошчай. - 214. Сёлы рады, гарады вясёлы.
- 215. Пяяўшы песню старым князям,
потым пяяці і маладым: - 216. «Слава Ігару Святаслаўлічу,
буй туру Усеваладу,
Уладзімеру Ігаравічу!» - 217. Будзьце ў здравіі, князі і дружына,
баронячы хрысціян
ад напасцяў паганых! - 218. Князям слава і дружыне!
Амінь.
Ссылка
Если вы используете корпус в научной работе, пожалуйста, сошлитесь на эту публикацию:
Орехов Б. В. Параллельный корпус переводов «Слова о полку Игореве»: итоги и перспективы // Национальный корпус русского языка: 2006—2008. Новые результаты и перспективы. — СПб.: Нестор-История, 2009. — С. 462—473.