Белорусский перевод М. Горецкого
Источник: : Слова а палку Ігараве. (Канец 12 веку) // Гарэцкі М. Хрэстаматыя беларускай літаратуры, XI век ― 1905 год / Максім Гарэцкі. - Вільня: Віленскае беларускае выдавецтва Б. Клецкіна, 1922. - С. 10-22.
- 1. Ці ня лепей было-б нам, браты, пачаць а палку Ігараве, Ігара Сьвятслаўліча, старымі словамі сумных пераказаў?
- 2. Пачаціся ж той песьні складам былінаў гэтага часу, а не Баянавым спосабам.
- 3. Бо чарадзей Баян, калі хацеў аб кім песьню пяяць, дык расьцякаўся вавёркаю па дрэву, шэрым ваўком па зямлі, шызым арлом пад ваблокамі.
- 4. Спомніўшы бо, кажа, першых часоў разрухі ад нязгоды, пушчаў тады дзесяць сакалоў на лебядзінае стада: якую дацінаў сакол, тая лебедзь пачынала пяяць песьню аб старым Яраславе, ці храбрым Амсьціславе, што забіў Радзедзю перад касожскімі палкамі, ці слаўным Рамане Сьвятслаўлічы.
- 5. Ды ня дзесяць сакалоў на лебядзінае стада, браты, пушчаў то Баян: то ён чарадзейныя пальцы свае на ажываўшыя струны ўскладаў; яны-ж быццам самі князём славу ракаталі.
- 6. Пачнём-жа, браты, повесьць гэтую ад старога Ўладзімера да цяперашняга Ігара, які паказаў крэпкі розум і навастрыў мужствам сваё сэрца;
- 7. напоўніўся ваяўнічым духам і навёў свае храбрыя палкі на палавецкую зямлю за зямлю рускую.
- 8. Паглядзеў тады Ігар на сьветлае сонца і бачыць, як пакрыла яго цемнатою ўсіх яго вояў.
- 9. І кажа Ігар сваёй дружыне:
- 10. "Браты і дружыньнікі! Лепей-жа быць пабітаму, чым узятаму да няволі.
- 11. Узьсядзем-жа, браты, на сваіх шыбкіх коні ды й пабачым сіняга Дону".
- 12. – – –
- 13. "... Бо хачу, кажа, прыламіць піку аб дальні загон палавецкага поля; з вамі, русічы, хачу або галаву сваю злажыць, або напіцца з Дону шоламам".
- 14. О, Баяне, салавей даўняга часу! Вось каб ты апяяў гэтыя палкі, бегаючы, салавею, па дрэву думак, лятаючы арлом пад ваблокамі, зьвіваючы, салавею, абедзьве часьці гэтага часу (мінулае і сучаснае), рыскаючы Траянаваю сьцежкаю цераз поле на горы.
- 15. Выпадала пяяць песьню Ігару, унуку таму:
- 16. "Ня бура сакалоў занясла цераз поле шырокае, а стая галак бяжыць к Дону вялікаму".
- 17. І выпадала пяяць, чарадзей Баяне, Вялесаў унуча:
- 18. "Коні іржуць за Сулаю; зьвініць слава ў Кіеве; трубы трубяць у Новагорадзе". Стаяць сцязі ў Пуціўлі, Ігар жджэць мілага брата Ўсевалада.
- 19. І кажа яму буй-тур Ўсевалад:
- 20. "Адзін брат, адзін сьвет сьветлы - ты, Ігару! Абодва дзеці Сьвятслаўлевы.
- 21. Сядлай, браце, сваіх шыбкіх коні,
- 22. а мае табе гатовы, асядланы ўперад ля Курску.
- 23. А мае куране табе ведамыя людзі: пад трубамі спавіты, пад шаломамі усьпешчаны, канцом пікі ускормлены,
- 24. шляхі ім вядомы, каляіны ім знаёмы, лукі ў іх нацягнуты, каўчаны адчынены, шаблі навостраны,
- 25. самі скачуць як шэрыя ваўкі ў полі, шукаючы сабе чэсьці, а князю славы".
- 26. Тады ўлажыў нагу князь Ігар у залаты страмень і паехаў па чыстым полі.
- 27. Сонца яму цемнатою дарогу заступала;
- 28. ноч стагнала яму гразою і птушак узбудзіла; сьвіст зьвярыны...
- 29. птушка лесавая паверх дрэва клікае, дае загад, каб пачулі нязнаныя землі - Волга і Памор'е, і Пасульле, і Сурож, і Карсунь, і ты, тмутараканскі балване!
- 30. А полаўцы пабеглі к вялікаму Дону ненаторанымі дарогамі; скрыпяць іх калёсы апоўначы, як распушчаныя лебедзі. Ігар к Дону вояў вядзе...
- 31. Ваўкі бяду па равох варожаць; арлы клёктам на косьці звяр'ё гукаюць; лісіцы брэшуць на бліскучыя чырвоныя шчыты.
- 32. О руская зямля! ужо ты за кардонам.
- 33. Доўга меркне ноч;
- 34. сьветлая зара запала; імгла палі пакрыла;
- 35. салаўінае шчоўканне замёрла; гоман галаччы узьняўся.
- 36. Вялікае поле перагарадзілі русічы чырвона-бліскучымі шчытамі, шукаючы сабе чэсцьі, а князю славы.
- 37. Спазаранку ў пятніцу, патаптаўшы паганыя палавецкія палкі і рассунуўшыся стрэламі па полю, памчалі прыгожых дзевак палавецкіх, а з імі золата і пакрыўкі і дарагія аксаміты;
- 38. ...апанчамі, кажухамі, і ўсякімі ўзорнымі палавецкімі тканінамі пачалі масьціць масты па балотах і гразкіх месцах.
- 39. Сьцяг чырвоны, харугва белая, бунчук чырвоны, струг сярэбраны - храбраму Сьвятслаўлічу!
- 40. Дрэмле ў полі храбрае Алегава гняздо, далёка заляцела.
- 41. Ня было яно пароджана ў крыўду, ні сакалу, ні крэчату, ні табе, чорны груган, паганы палаўчанін!
- 42. Бяжыць Гзак шэрым ваўком, Канчак кіруець яму дарогу к вялікаму Дону.
- 43. На другі дзень вельмі рана паказуюць на сьвітаньне крывавыя зоры;
- 44. чорныя хмары з мора ідуць, хочыць прыкрыці чатыры сонцы,1 а ў іх трапечуць сінія маланкі:
- 45. быць вялікаму грому, іці дажджу са стрэлаў ад вялікага Дону;
- 46. паламацца тут пікам, пашчарбаціцца тут шаблям аб палавецкія шоламы, на рацэ на Каяле,2 ля вялікага Дону.
- 47. О руская зямля! Ужо ты за кардонам.
- 48. Вось ветры, Стрыбогавы ўнукі, веюць з мора стрэламі на храбрыя Ігаравы палкі;
- 49. зямля тужыць, рэкі мутна цякуць, порась-пыл поле пакрывае,
- 50. сьцягі гавораць-шумяць; полаўцы йдуць ад Дона і ад мора,
- 51. і ад усіх старон, - рускія палкі абступілі.
- 52. Чортавы дзеці клікам поле перагарадзілі, а храбрыя русічы загарадзілі чырвонымі шчытамі.
- 53. Яр-туру Ўсеваладзе! Стаіш ты на абароне, пырскаеш на вояў стрэламі, грыміш аб шоламы мечмі сталёвымі:
- 54. дзе, тур, паскочаш, сваім залатым шоламам пасьвечаваючы, там зяжаць паганыя палавецкія галовы;
- 55. паскіпаны гартаванымі шаблямі аварскія шоламы ад цябе, яр-туру Ўсеваладзе!..
- 56. – – –
- 57. Адбыліся Траянавы вякі, мінуліся Яраслававы гады. Адбыліся Алегавы паходы, Алега Сьвятслаўліча:
- 58. той Алег дык мечам нязгоду каваў і сеяў па зямлі стрэлы.
- 59. Укладаў ён нагу ў залаты страмень у горадзе Тмутаракані3
- 60. Той звон чуе даўны вялікі
- 61. Ўсевалад Яраслаўліч; а Ўладзімер што раніцы затыкаў вушы ў Чарнігаве;
- 62. Барыса-ж Вячаслаўліча прывяла пахвалка на сьмяротны суд… за крыўду Алегаву, маладога і храбрага князя…
- 63. – – –
- 64. Тады пры Алегу Гораслаўлічу4 сеяліся і расьлі міжусобіцы, гінула жыцьцё Дажбожага ўнука, дзеля князёўскіх нязгод укарачаўся людзям век.
- 65. Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву.
- 66. Гэтак было ў тыя войны і ў тыя паходы, але аб такой бітве́ і ня чувана. Ад раньня да вечара, ад вечара да сьвету лятуць гартоўныя стрэлы, грымяць аб шоламы шаблі, трышчаць сталёвыя пікі
- 67. ў нязнаным полі сярод палавецкай зямлі. Чорная пад капытамі зямля, касьцьмі пасеяная, а крывёю палітая, тугаю ўзыйшла па рускай зямлі.
- 68. Што мне шуміць, што мне зьвініць
- 69. далёка рана перад зарою? Ігар палкі заварачае: жаль-жа яму мілага брата Ўсевалада.
- 70. Біліся дзень, біліся другі, трэцяга дня к полудню зваліліся Ігаравы сьцягі.
- 71. Разлучыліся тут браты на беразе быстрай Каялы;
- 72. не хапіла тут крывавага віна;
- 73. скончылі тут баль храбрыя русічы: сватоў папаілі, а самі паляглі за рускую зямлю.
- 74. Панікла жальбою трава, а дрэва з тугі к зямлі пахіснулася.
- 75. Бо ўжо, браты, невясёлая настала гадзіна; пустыня ўжо сілу пакрыла.
- 76. Крыўда паўстала ў сілах Дажбожага ўнука, узыйшла яна дзяўчынаю на Траянаву зямлю, успляснула лебядзіным крыльлем на сінім моры, плёскаючы ў Доне, узбудзіла лепшыя часіны. Міжсобіцы князёўскія…
- 77. (губілі народ). Сталі казаць (князі) брат брату: “Гэта маё, а й тое маё”. І пачалі яны дробнае ўважаць за важнае, а самі на сябе загубу ад нязгоды каваць;
- 78. тымчасам паганыя з усіх бакоў прыхадзілі з пабедамі на рускую зямлю.
- 79. О! Далёка заляцеў сакол, птушак пабіваючы, – к мору.
- 80. А храбрага Ігарава палка не ўваскрасіці…
- 81. – – –
- 82. Загаласілі рускія жанчыны, кажучы:
- 83. “Ужо нам сваіх мілых мужоў ні мысьляй узмысьліць, ні думай уздумаць, ні вачыма згледзіць, а золатам і серабром тым а ні пабразкаць”.
- 84. І застагнаў-жа, браты, Кіеў ад тугі, а чарнігаў ад напасцяў;
- 85. нуда разьлілася па рускай зямлі: журба ахінула зямлю рускую.
- 86. А князі самі на сябе загубу ад нязгоды ўзвадзілі;
- 87. і паганыя, самі з пабедамі налятаючы на рускую зямлю, выбіралі дань па белцы ад двара…
- 88. Грозны Сьвятслаў, вялікі князь кіеўскі…5
- 89. наступаў-жа на палавецкую зямлю; прымяў узгоркі і равы, узмуціў рэкі і вазёры, высушыў крыніцы і балоты; а паганака Кабяка з марскія лукі ў вялікіх зялезных палавецкіх палкоў, як віхор, выстаргнуў; і заваліўся Кабяк у горадзе Кіеве, у Сьвятаслаўлевай сьвятліцы.
- 90. Тут немцы і венэцыяне, тут грэкі і маравы пяюць славу Сьвятславу, ды ганяць князя Ігара, што патапіў дабро на дно Каялы, палавецкай ракі. Насыпаў там рускага золота.
- 91. Сыйшоў князь Ігар з залатога сядла, а трапіў у сядло нявольніцкае;
- 92. засмучэньне абняло гарады, зьнікла вясёласьць.
- 93. А Сьвятслаў відзіў нядобры сон.
- 94. “На гарах у Кіеве, гэтай ночы з вечара, акрывалі, кажа, мяне чорнаю посьцілкаю на цісавым ложку;
- 95. чэрпалі мне зялёнае віно, зьмешанае з муцьцю
- 96. чэрпалі мне з мізэрных каўчанаў (палавецкіх)… буйны жомуг мне на ўлоньне,
- 97. песьцілі мяне. Ужо дошкі бяз скрэпы ў маім залатаверхім хораме.
- 98. Усю ноч з вечара… крумкачы гракалі”…
- 99. – – –
- 100. І сказалі баяры князю:
- 101. “Ужо, княжа, туга думкі твае апанавала:
- 102. вось-жа два сакалы зьляцелі з воччага залатога пасаду пашукаць горада Тмутараканя ці напіцца з Дону шоламам; ужо сакалом падсечана крыльліка паганскімі шаблямі, а саміх іх апуталі зялезнаю павучынаю.
- 103. Бт цёмна было на трэці дзень: памерклі чырвоныя стаўпы, а з імі два маладыя месяцы. Алег і Сьвятаслаў завалакліся цямнотаю.
- 104. На рацэ на Каяле цямнота сьвятло пакрыла;
- 105. па рускай зямлі, як гняздо хіжых зьвяроў, распасьцёрліся полаўцы…
- 106. – – –
- 107. – – –
- 108. – – –
- 109. Вось-жа гоцкія гожыя дзяўчаты запяялі на беразе сіняга мора, звонячы рускім золатам: пяюць яны а Бусавым часе, песьцяць Шараканаву помсту6.
- 110. А мы ўжо, дружыньнікі, бяз ніякай вясёласьці”.
- 111. Тады вялікі Сьвятслаў сказаў са сьлязьмі залатое слова:
- 112. “О мае пляменьнікі, Ігару і Ўсеваладзе! рана вы пачалі сячы мячамі палавецкую зямлю, шукаючы сабе славы; ды бяз славы зрабілі; бяз славы паганскую кроў разьлілі”
- 113. Вашы храбрыя сэрцы ў нязломнай скованы сталі, а ў буйнай адвазе загартованы.
- 114. Што-ж зрабілі маёй сівізьне сярэбранай!...
- 115. – – –
- 116. – – –
- 117. А ці-ж дзіва, браты, памаладзець старому?
- 118. Калі сакол ліняець, высака ўзьбівае птушак, не дае ў крыўду гнязда свайго…
- 119. – – –
- 120. – – –
- 121. – – –
- 122. – – –
- 123. Вялікі княжа Ўсеваладзе! ня думкаю-б табе прыляцець здалёку, воччы залаты пасад абараніць:
- 124. ты-ж можаш Волгу вёсламі распырскаць7, а Дон шаломамі выліць;
- 125. каб ты быў, то была-б нявольніца па нагаце, а нявольнік па рэзані…8
- 126. – – –
- 127. Ты, буй-Рурык і Давыдзе! Ці ня вашы залачоныя шоламы па крыві плавалі?
- 128. Ці ня вашы храбрыя дружыньнікі, як туры, рыкаюць, раненыя гартоўнымі шаблямі ў нязнаным полі?
- 129. Узлажыце, вашы міласьці, свае ногі ў залатыя страмені за крыўду гэтага часу, за зямлю рускую, за раны Ігаравы, Мужнага Сьвятславліча!
- 130. Галіцкі Асмамысьле Яраславе! Высака сядзіш ты на сваім золатакованым пасадзе, падпёр ты Карпаты сваімі зялезнымі палкамі, заступіў шлях каралю, зачыніў Дунаю вароты, шыбаючы ціжары цераз аблокі, урадуючы да самага Дунаю.
- 131. Граза твая па землях расходзіцца: адчыняеш вароты Кіеву; страляеш з воччага залатога пасаду султанаў за землямі.
- 132. Страляй, ваша міласьць, Канчака, паганага раба, за рускую зямлю, за раны Ігаравыя, мужнага Сьвятслаўліча!
- 133. А ты, буй-Рамане і Мсьціславе! Сьмелая думка носіць ваш розум на ўчынкі.
- 134. Выскака плаваеце ў мужстве на ўчынкі, як сакол у паветры купаючысь, калі хоча птушку ў бойцы адалець.
- 135. Бо ёсць у вас зялезныя наперсьнікі пад шаломамі лацінскімі. Дзеля таго затрасьліся землі і многія старонкі… Літва, ятвягі… полаўцы пікі свае кінуўшы, а галовы свае пахінуўшы пад мячы тыя сталёвыя.
- 136. Ды ўжо, княжа Ігару, аслабла сьвятло сонцава, а дрэвы не дабром лісьце асыпалі;
- 137. па Росі і па Суле гарады падзялілі, але храбрага палку Ігарава не ўваскрасіці.
- 138. Дон цябе, княжа, клічаць і гукае іншых князёў на пабеду.
- 139. Вольгавічы, храбрыя князі, патаміліся ў войнах;
- 140. Інгвар і Ўсевалад ды й усе тры Амсьціслаўлічы, не благога гнязда шасьцікрыльцы, не пабедным жэрабем сабе ўладу прыдбалі.
- 141. Да чаго-ж вашы залатыя шаломы і пікі польскія і шчыты?
- 142. Загарадзіце вароты полю сваімі вострымі стрэламі за рускую зямлю, за раны Ігаравы, мужнага Сьвятаслаўліча!
- 143. Бо ўжо Сула не цячэ пералівамі сярэбранымі к гораду Пераяслаўлю, і Дзьвіна мутная цячэ к тым грозным палачанам пад крыкам паганых.
- 144. Адзін толькі Ізяслаў, Васількаў сын, пазваніў сваімі вострымі мячамі аб літоўскія шаломы, перабіў славу дзеду свайму Ўсяславу, а сам пад чырвонымі шчытамі на крывавай траве перабіт літоўскімі мячамі…
- 145. – – –
- 146. Дружыну тваю, княжа, птушкі крыльлем апранулі, а кроў зьвяры палізалі.
- 147. Ня было тут брата Брачыслава, ні другога Ўсевалада: адзін ён выпусьціў жамчужную душу з храбрага цела цераз залатое ажарэльле.
- 148. Засмуціліся галасы, зьнікла вясёласьць, трубяць трубы гарадзенскія.
- 149. Яраславе і ўсе ўнукі Ўсяслаўлевы! абнізьце ўжо сьцягі свае, пахавайце мячы свае пашчарбаныя;
- 150. выскачылі ўжо вы з дзедавай славы.
- 151. Бо вы дзеля сваіх нязгод пачалі навадзіць паганых на рускую зямлю, на збудаванае жыцьцём Усяслаўлевым,
- 152. дзеля чаго і насільства было ад палавецкае зямлі. На сёмым Баянавым веку
- 153. кінуў Усяслаў жэрабе аб любай сабе дзяўчыне.
- 154. Заскачыў к гораду Кіеву і даткнуўся пікаю да залатога кіеўскага пасаду.
- 155. Лютым зьверам кінуўся адтуль, а поўначы – з Белгорада, ахутаўся сіняю імглою, –
- 156. і на раніцы адчыніў… вароты Ноўгораду, разьбіў славу Яраславу
- 157. і паскакаў ваўком да Нямігі… На Нямізе снапамі сьцелюць галовы, малоцяць цапамі сталёвымі, на таку жыцьцё кладуць, веюць душу ад цела.
- 158. Крывавыя Нямізіны берагі ня збожжам былі пасеяны, пасеяны касьцьмі рускіх сыноў.
- 159. Князь Ўсяслаў людзьмі кіраваў, князём гарады парадкаваў, а сам па начох ваўком бегаў: з Кіева ў Тмутаракань да пятухоў забягаў, вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў.
- 160. Затое-ж калі ў Полацку на завутраню рана пазвоняць у Сьвятой Сахвеі, ён у Кіеве звон чуў.
- 161. Хоць і чарадзейную душу ў друзлым целе меў, шмат бяды, аднак зазнаў.
- 162. Яму ж Баян мудры найперш і прыпеўку зручную злажыў:
- 163. “Ні хітраму, ні прытнаму, ні як птушка лёткаму суду Божага ня мінуці”.
- 164. О! Стагнаць рускай зямлі, памянуўшы першую часіну і першых князёў!
- 165. Таго Ўладзімера старога нельга было прыкаваць к кіеўскім гарам.
- 166. Вось жа цяпер яго сьцягі сталі: адны Рурыкавы, а другія Давыдавы…
- 167. Чуваць голас Яраслаўлін; нязнаная9, зязюлькаю на раніцы стогне:
- 168. “Палячу, кажа, зязюлькаю па Дунаю;
- 169. абмачу бабровы рукаў у Каяле-рацэ,
- 170. абатру князю крывавыя раны яго
- 171. на магутным целе яго”.
- 172. Раніцаю плачаць Яраслаўна ў Пуціўлі на замковай сьцяне:
- 173. “О вецер, вятрыла, чаму-ж ты; валадар, вееш так дужа?
- 174. Чаму ты сваім лёгкім крыльлем падганяеш ханскія стрэлы на вояў майго любага мужа?
- 175. Ці мала табе веяць высока пад ваблокамі, караблі песьціць на сінім моры?
- 176. Чаму, валадар, радасьць маю па кавыль-траве разьвеяў?”
- 177. Раніцаю плачаць Яраслаўна ў горадзе Пуціўлі на сьцяне, кажучы:
- 178. “О Няпро-Славута! прабіў ты горы каменныя скрозь палавецкую зямлю;
- 179. зыбаў ты на сабе Сьвятаслаўлевы насады к войску Кабяковаму:
- 180. прызыбай, валадару, майго мужа ка мне, каб ня слала яму раніцаю сьлёз на мора”.
- 181. Раніцаю плачаць Яраслаўна ў Пуціўлі на сьцяне, кажучы:
- 182. “Сонца сьветлае, прасьветлае! Усім ты цёплае, прыгожае:
- 183. чаму-ж, валадарнае, бліснула палаючымі косамі на вояў мужавых? у полі бязводным смагаю лукі ім спрагла, тугаю каўчаны іх заткала?”
- 184. Пырснула мора а поўначы; цямнотаю сьмерчы йдуць: князю Ігару Бог дарогу наказвае з палавецкай зямлі на зямлю рускую к пасаду воччаму залатому.
- 185. Згасла вячэрняя зара. Бы-та сьпіць Ігар; не, дбае, думкай поле мераючы ад вялікага Дону да малага Данца.
- 186. А поўначы сьвіснуў Аўлур10 каня за за ракою, даючы князю знак…
- 187. Стукнула зямля, зашумела трава, зарухаліся палаткі палавецкія.
- 188. А князь Ігар гарнастаем скочыў у чарот і белым гогалем на ваду;
- 189. ускінуўся на шыбкага каня і сыйшоў з яго босым ваўком,
- 190. пацёк у Данцоў луг, сакалом паляцеў пад імглою, забіваючы гусі і лебядзі на сьняданьне, і абед, і вячэру.
- 191. Калі-ж Ігар ваўком пацёк, абтрасаючы сьцюдзёную расу: бо надарвалі сваіх шыбкіх коні.
- 192. Кажа Данец:
- 193. “Княжа Ігару, ня мала табе ўцехі, Канчаку злосьці, а рускай зямлі радасьці”.
- 194. Ігар кажа:
- 195. “О Донча, ня мала й табе пыхі, песьціўшаму князя на хвалях, пасьцілаўшаму для яго зялёную траву на сваіх сярэбраных берагох, апранаўшаму яго цёплаю імглою пад засеньню зялёных дрэў,
- 196. сьцярогшаму яго гогалем на вадзе, чаіцамі па пералівах, чорнымі птушкамі ў паветры”…
- 197. – – –
- 198. – – –
- 199. – – –
- 200. А не сарокі то ўзстракаталіся: па сьлядох ігаравых езьдзіць Гзак з Канчаком.
- 201. Тады груганы ня каркаюць, галкі пазмоўклі, сарокі не траскочуць,
- 202. па лазе толькі шнырахаць; дзятлы цёканьнем дарогі к рацэ значуць, салавейкі вясёлымі песьнямі сьвітаньне наказуюць.
- 203. Мовіць Гзак Канчаку:
- 204. “Калі сакол у гняздо ляціць, сакалёнка разстраляем сваімі пазлачонымі стрэламі”.
- 205. Кажа Канчак Гзаку:
- 206. “Калі сакол к гнязду ляціць, апутаем сакалка харошаю дзяўчынаю”.
- 207. І кажа Гзак да Канчака:
- 208. “Як апутаем яго харошаю дзяўчынаю, – ні нам будзе сакалок, ні нам будзе харошая дзяўчына11, і пачнуць нам біці птушкі ў полі палавецкім”.
- 209. Сказаў Баян…
- 210. “Цяжка табе, галава, не на плячах, блага табе, цела, без галавы”, – рускай зямлі бяз Ігара.
- 211. Сонца сьвеціцца ў нябёсах, Ігар-князь у рускай зямлі.
- 212. Дзяўчаты пяюць на Дунаі, ўюцца галасы цераз мора да Кіева:
- 213. едзець Ігар па Барычаву к сьвятой Багародзіцы Пірагошчы;
- 214. краі радуюцца, гарады весяляцца.
- 215. Пеўшы песьню старым князём, пасьля пеці маладым
- 216. славу: Ігару Сьвятслаўлічу, буй-туру Ўсеваладу, Ўладзімеру Ігаравічу:
- 217. “Хай жывуць князі і дружыньнікі, змагаючысь за хрысьціянаў з палкамі паганскімі!
- 218. Слава князём і дружыньнікамі”. Амін!
Ссылка
Если вы используете корпус в научной работе, пожалуйста, сошлитесь на эту публикацию:
Орехов Б. В. Параллельный корпус переводов «Слова о полку Игореве»: итоги и перспективы // Национальный корпус русского языка: 2006—2008. Новые результаты и перспективы. — СПб.: Нестор-История, 2009. — С. 462—473.